Прэстыж турніру юных матэматыкаў расце з кожным годам

XV Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў прайшоў з 7 па 11 снежня на базе гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Яго арганізатары — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 15 каманд з пяці рэгіёнаў Беларусі, а таксама каманда Расійскай Федэрацыі.

Турнір юных матэматыкаў — гэта камандныя спаборніцтвы школьнікаў ва ўменні вырашаць даследчыя задачы, наглядна і змястоўна прадстаўляць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Ён праходзіць у выглядзе матэматычных баёў, што ідуць паслядоўна адзін за адным. У іх каманды па чарзе дэманструюць свае даследаванні па загадзя прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў іншых удзельнікаў турніру.
У склад журы і “задачнага” камітэта турніру, што займаўся распрацоўкай задач, сёлета ўваходзілі 7 дактароў і 17 кандыдатаў навук, у тым ліку прадстаўнікі Расіі і Францыі. Старшынёй журы, як і ва ўсе апошнія гады, быў доктар фізіка-матэматычных навук загадчык аддзела Інстытута матэматыкі НАН Беларусі Яўген Канстанцінавіч Макараў.
“Турнір юных матэматыкаў, які праходзіць у нашай краіне, аказвае вялікі ўплыў на станаўленне навукова-даследчага кірунку ў рабоце з таленавітымі дзецьмі і на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы, — адзначыў намеснік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ член журы Барыс Валянцінавіч Задворны. — Прэстыж беларускага турніру расце з кожным годам. Ужо 5 гадоў па нашых правілах (з мінімальнымі адрозненнямі) праводзяцца міжнародныя турніры юных матэматыкаў. І ўдзел у іх зборнай каманды Беларусі варта прызнаць вельмі паспяховым. За пяць гадоў беларусы заваявалі тры дыпломы I ступені і два дыпломы III ступені. Расце колькасць краін, у якіх арганізоўваюцца падобныя да беларускіх нацыянальныя турніры юных матэматыкаў, напрыклад, у Францыі, Балгарыі, Расіі, ва Украіне. Турнірны рух ідзе і ўглыб нашай краіны: у Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях праводзяцца рэгіянальныя спаборніцтвы”.
Варта адзначыць і той факт, што пастаянна расце колькасць заявак на ўдзел у Рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў. У мінулым годзе іх было 28, а сёлета — 32 заяўкі. Папярэдне каманды даслалі ў аргкамітэт рашэнні даследчых заданняў, якія былі надрукаваны да пачатку турніру. Такім чынам па выніках завочнага этапу спаборніцтваў былі адабраны лепшыя каманды для ўдзелу ў вочным этапе. Згодна з правіламі, у вочным этапе маглі прыняць удзел не больш як 16 каманд. На XV Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў былі запрошаны 15 каманд — з Мінска, з Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, а таксама каманда лабараторыі бесперапыннай матэматычнай адукацыі з Санкт-Пецярбурга.
Аргкамітэт, удзельнікі каманд, адміністрацыі і педагогі школ сур’ёзна рыхтаваліся да выпрабаванняў, яны прадчувалі найцікавейшую барацьбу, якая разгорнецца не проста паміж камандамі, але і паміж рознымі кірункамі, якія існуюць у агульнаадукацыйных установах у рабоце з таленавітымі школьнікамі, у іх прафарыентацыі, у пошуку сярод іх і выхаванні з іх будучых вучоных.
“Адна з важных умоў паспяховага выступлення каманды на турніры — зладжаная работа яе ўдзельнікаў, уменне дыскутаваць, бачыць памылкі адно аднаго, апаніраваць, — заўважае Барыс Валянцінавіч. — У кожнай камандзе было па 6 чалавек. Каманды фарміраваліся з улікам інтарэсаў і ўзаемаадносін дзяцей, вопыту выступленняў на мінулых турнірах. Сярод удзельнікаў выпрабаванняў былі навучэнцы не толькі старшых класаў, але і васьмікласнікі. Упершыню ў спаборніцтвах прымала ўдзел каманда са Жлобіна, зборная каманда з Брэста таксама была ў новым складзе. Старажыламі турніру з’яўляліся дзве каманды ад Ліцэя БДУ, дзве каманды гімназіі № 41 Мінска, зборная каманда гімназій № 13 і № 31 Мінска і зборная каманда з Гомеля. Рыхтавалі школьнікаў да турніру выкладчыкі, настаўнікі і студэнты.
У гэтым годзе выступленне навучэнцаў на турніры атрымалася зладжаным, ад пачатку і да фіналу ўсё ішло гладка. Журы адзначыла, што ўзровень самых моцных каманд стаў вышэйшым у параўнанні з мінулымі выпрабаваннямі, не было і зусім няўдалых выступленняў. Дастойна заявілі пра сябе Смалявіцкая раённая гімназія і Ліцэй БНТУ, каманда гімназіі №75 Мінска ў адным з баёў не саступала камандам Ліцэя БДУ. Добра выступіла гомельская каманда ў складзе чатырох дзяўчынак і двух хлопчыкаў. Варта адзначыць і адну з удзельніц Іру Бурак з каманды гімназіі № 41 Мінска — ёй належала адна з найважнейшых роляў у камандзе. Многіх хлопчыкаў яна ставіла ў тупік сваімі пытаннямі. У мінулым годзе дзяўчына ў складзе зборнай Беларусі была на Еўрапейскай алімпіядзе па матэматыцы сярод дзяўчат, дзе наша каманда перамагла”.
Па выніках матэматычных баёў шэсць каманд былі адзначаны. Дыпломам І ступені — каманда Ліцэя БДУ-2; дыпломамі ІІ ступені — каманда гімназіі № 41 Мінска (1-я каманда) і каманда Ліцэя БДУ-1; дыпломамі ІІІ ступені — каманда гімназіі № 41 Мінска (2-я каманда), зборная каманда Гомеля і зборная каманда гімназій № 13 і № 31 Мінска.
Пераможца XV Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў каманда Ліцэя БДУ-2 выступала ў складзе дзесяцікласнікаў Антона Варанько, Дзяніса Кіма і адзінаццацікласнікаў Сяргея Арлоўскага, Дзмітрыя Румянцава, Антона Шамякова і Сяргея Шамякова. Іх кіраўнікамі-трэнерамі з’яўляліся студэнты ФПМІ БДУ Аляксандр Міхальчанка, Уладзіслаў Сатанеўскі і Генадзь Клімук.
Пасля турнірных баёў прайшоў майстар-клас для навучэнцаў і кіраўнікоў каманд, дзе былі прадстаўлены рашэнні (даследаванні) выбраных заданняў турніру з пункта гледжання аўтараў. Члены журы таксама расказвалі аб працэсе распрацоўкі задач. Аб тым, як нават з простай алімпіяднай задачы для 8 класа можна стварыць сур’ёзную задачу для даследавання, якая спачатку “адпрацуе” на турніры, а потым можа ператварыцца ў даклад на будучай навукова-практычнай канферэнцыі. На рэспубліканскім турніры былі задачы высокага ўзроўню складанасці. Некаторыя з іх пасля будуць прапаноўвацца для рашэння ўдзельнікам міжнародных канферэнцый і на турнірах юных матэматыкаў розных узроўняў. Лепшыя рашэнні задач, якія прадэманстравалі ўдзельнікі рэспубліканскага турніру ў гэтым годзе, будуць размешчаны ў інтэрнэце ў агульным доступе.
У будучым плануецца ўдасканальваць правілы правядзення турніру, цяперашнія дзейнічаюць з 2008 года. У іх, напрыклад, пазначана, што ад установы ў выпрабаваннях можа ўдзельнічаць толькі адна каманда. Аднак ужо другі год па рашэнні аргкамітэта ў якасці эксперымента дазваляецца ўдзельнічаць некалькім камандам ад установы. Шырока распаўсюдзілася ў апошнія гады стварэнне зборных каманд некалькіх устаноў, і гэта таксама трэба ўлічваць. Падрабязна аб правілах правядзення такіх спаборніцтваў у Беларусі, статыстыцы мінулых гадоў глядзіце на сайце: http://www.uni.bsu.by.
Падтрымку турніру аказалі спонсары — ІТ-арганізацыя ААТ “Эфектыўныя сістэмы”, якая актыўна ажыццяўляе пошук і дадатковае навучанне таленавітай моладзі. Адбылася экскурсія ўдзельнікаў спаборніцтваў у гэтую кампанію, падчас якой ім расказалі аб дзейнасці арганізацыі і аб тым, што чакае будучых спецыялістаў-матэматыкаў, калі яны прыйдуць сюды працаваць. Патрабаванні да маладых спецыялістаў такія ж, як і да ўдзельнікаў турніру, — гэта ўменне працаваць у камандзе, уменне паставіць задачу і вырашыць яе, уменне пабудаваць мадэль, прымяніць матэматычныя веды, і, зразумела, веданне праграміравання і англійскай мовы. Усе тыя якасці, што фарміруюцца падчас удзелу ў матэматычных спаборніцтвах, спатрэбяцца ім потым у прафесійнай дзейнасці, незалежна ад таго, дзе яна будзе праходзіць, — у вытворчай або ў ІТ-сферы ці ў навуцы.
Па выніках турніру будуць выбраны кандыдаты ў зборную каманду Беларусі для ўдзелу ў VI Міжнародным турніры юных матэматыкаў, які адбудзецца летам 2014 года ў Германіі. Важным этапам у падрыхтоўцы да гэтай падзеі стане ўдзел нашых каманд у II Адкрытым Санкт-Пецярбургскім турніры ў сакавіку 2014 года.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*