Смалявіцкая раённая гімназія на старонках “Настаўніцкай газеты”

Як ствараецца інтэлектуальная прастора

Як заахвоціць вучняў і настаўнікаў да навукова-даследчай дзейнасці? Як ператварыць працу над навуковай работай з цяжкага настаўніцка-вучнёўскага абавязку ў натхняльны агульнагімназічны працэс? Здаецца, адказы на гэтыя няпростыя пытанні ведаюць настаўнікі і вучні адной прысталічнай гімназіі.

Навука — справа, канечне, не для ўсіх. Каб сур’ёзна займацца тэмай, угрызацца ў яе з няспынным імпэтам і маладой адвагай, патрэбна і асаблівая матывацыя, і асаблівыя здольнасці. Як разгледзець іх сярод звычайнага адукацыйнага працэсу, як іх абудзіць і выхаваць?
Напэўна, гэта магчыма толькі ў адным выпадку: калі вакол кожнага вучня ў школе ствараецца своеасаблівая інтэлектуальная прастора, прастора, насычаная ідэямі і пошукам, цікавасцю і цікаўнымі, прастора, у якой навуковае даследаванне выглядае не пакутным абавязкам, а магчымасцю сказаць свету сваё самавітае вучнёўскае слова.З чаго складаецца тая чароўная прастора?
З самых, здавалася б, звычайных рэчаў.
Напрыклад, з паездкі ў госці. У адну з гімназічных субот вучні Смалявіцкай гімназіі селі ў аўтобус і паехалі вясёлай грамадой не куды-небудзь у цырк ці аквапарк, а ў Мядзел, прыгожы горад з цікавай гісторыяй. Чакалі нас там, у Мядзельскай школе імя Дубоўкі, каб паказаць музей, які збіралі школьныя настаўнікі, правесці экскурсію сіламі вучняў школы, расказаць пра Мядзельшчыну, падзяліцца навуковымі дасягненнямі мядзельскіх вучняў. Дый гімназісты прыехалі не з пустымі рукамі: прывезлі мядзельскім сябрам свае настольныя гульні, экспанаты ў школьны музей, рарытэтныя відэазапісы. Атмасфера вандроўкі, сяброўская цеплыня сустрэчы, асэнсаванне сваёй інтэлектуальнай місіі натхнілі нашых школьнікаў на навуковыя подзвігі: цяпер трое з нашых смалявіцкіх пілігрымаў збіраюць матэрыялы для будучых навуковых работ па творчасці Уладзіміра Дубоўкі.Ці, скажам, з гульні. Звычайнай настольнай гульні, як, напрыклад, знакамітая “Манаполія” ці “Скрэбл”. А чаму б не прыдумаць настольную гульню, за якой можна бавіць час на вялікім перапынку, пазакласным мерапрыемстве ці нават здаваць абагульняючыя тэмы суроваму настаўніку? Спачатку прыдумалі гульню па гісторыі, потым — па геаграфіі. І працэс пайшоў: адна за адной з’явіліся гульні па гісторыі Смалявіччыны, па рускай і беларускай літаратуры, па здаровым ладзе жыцця і па асновах бяспекі жыццядзейнасці. І на гэтым нашы вучні не спыняюцца, бо гэта ж так цікава — гуляць на ўроках! Сама сабой, нявымушана, з гэтай агульнагімназічнай справы нарадзілася навукова-даследчая работа адной са стваральніц гульні па літаратуры — і на сёлетняй абласной навукова-практычнай канферэнцыі шасцікласніца Смалявіцкай гімназіі за работу, прысвечаную настольным гульням, атрымала спецыяльны прыз у секцыі “Эканоміка і бізнес”.Па Смалявіцкай гімназіі немагчыма прайсці, каб не апынуцца ў якім-небудзь навуковым праекце. Вось у метадычным кабінеце абмяркоўваюць камплектацыю чарговай настольнай гульні, у кабінеце беларускай літаратуры рыхтуюцца да юбілею Уладзіміра Караткевіча, у матэматыкаў поўным ходам ідзе падрыхтоўка да турніру юных матэматыкаў, на якім мы заўсёды займаем прызавыя месцы, у кабінеце рускай мовы выпрацоўваюць новыя падыходы да казак Івана Дзмітрыева, у кабінеце гісторыі спрачаюцца наконт ролі Радзівілаў у гісторыі Смалявіччыны, у кабінеце фізікі вывучаюць магчымасці адкрыцця малых планет. Горача і ў лабаранцкай кабінета хіміі: тут ідзе эксперымент па вызначэнні долей кіслот у самых звычайных рэчывах. Думаеце, ад агульнага працэсу адстаюць фізрукі? Ні ў якім разе: менавіта тут шасцікласнікі вывучаюць эфектыўнасць фізкультмінутак, а вучні 8 класа падбіраюцца да тэмы “Чырлідынг у адукацыйнай прасторы беларускай школы”.Зазірнём у кабінет дырэктара Людмілы Васільеўны Агароднай. І тут кіпіць навуковая работа! Вось раздрукоўваецца апошні матэрыял па наватарскіх педтэхналогіях, вось адшукваецца ў сетцы тэрміналагічная дапамога складанаму праекту па інфарматыцы, вось ствараецца гімназічная медыятэка…
У гэтым віры навуковых памкненняў немагчыма застацца абыякавым. Можа, і ёсць яшчэ нехта незацікаўлены, але пра такіх настаўнікі жартуюць: “Нічога! Гэта ж па метадзе салёных агуркоў: пакладзі ў расол — абавязкова прасоляцца”.І яны “прасольваюцца”: за тры гады 7 навучэнцаў Смалявіцкай гімназіі сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі, трое прывезлі ў гімназію дыпломы абласных алімпіяд, а ў гэтым годзе дзесяцікласніца Смалявіцкай гімназіі Яўгенія Субат атрымала трэці дыплом на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры. Не абыходзіцца без смалевічан абласная навукова-практычная канферэнцыя ў МАІРА: штогод гімназісты прывозяць дыпломы з гэтых прэстыжных навуковых спаборніцтваў. Але не толькі беларускія даследчыя прасторы скараюцца нашым вучням: мы маем дыпломы І ступені з маскоўскай канферэнцыі маладых даследчыкаў “Патэнцыял”, з Міжнародных Гагарынскіх чытанняў, пахвальныя водзывы вядучых навукоўцаў БДУ з Міжнароднай канферэнцыі па культуры і эканоміцы Кітая.
Нараджаюцца ў нас і ідэі па ўдасканаленні навуковай дзейнасці вучняў. Чаму б не змяніць патрабаванні, якія прад’яўляюцца дарослымі да дзіцячых навуковых работ? Не сакрэт, што ўсю папяровую работу па афармленні, напісанні ўводзін і фармуляванні мэт і метадаў даводзіцца выконваць настаўнікам, бо вельмі не хочацца гасіць навуковы пыл дзяцей нашымі дарослымі бюракратычнымі афіцыйна-навуковымі працэдурамі. Чаму б у рамках Балонскага працэсу не перайсці і нам на прынятыя ў Еўропе эсэ? Там і малыя, і дарослыя навукоўцы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў выкладаюць вынікі сваёй даследчай работы ў выглядзе навукова-папулярных эсэ, якія зразумелы і цікавы не толькі высокаму журы, але і звычайным чытачам-слухачам. Калі нашы дзеці атрымаюць магчымасць не толькі займацца навукай, але і пісаць пра яе ў даступнай для іх форме, то мы не толькі ўдасканалім і ўзбагацім беларускую навуку, але і вырасцім таленавітых, галасістых, прэзентабельных спікераў для будучых сусветных навуковых форумаў.
І тады ніхто не будзе баяцца навукі ў выкананні вучняў: ні самі вучні, ні іх бацькі, ні іх настаўнікі, бо гэта не складана, не цяжка, не сумна, а захапляльна і цікава.
Не верыце? А вы запытайцеся ў смалявіцкіх гімназістаў…

Ганна СЕВЯРЫНЕЦ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Смалявіцкай раённай гімназіі.
Фота прадастаўлены Смалявіцкай раённай гімназіяй

Як ствараецца інтэлектуальная прастора     СКАЧАТЬ

 

Comments are closed.

BizStudio-lite Theme by SketchThemes