Смалявіцкая гімназія распачынае Год культуры

У адзін прыгожы зімовы дзень у Смалявіцкую гімназію завіталі надта ж цікавыя госці.

Каго гэта чакаюць усхваляваныя семікласнікі ля увахода ў гімназію? Каму заклапочаныя шасціклашкі нясуць букеты шыкоўных кветак? Дзеля каго сур’ёзныя дзесяцікласнікі хуценька паўтараюць вядомыя ім факты з беларускай гісторыі? Так, гэта вельмі важныя госці: пісьменнік Аляксей Шэін, аўтар першага беларускага фэнтэзі “Сем камянёў” і вядучы папулярных праграм на беларускім тэлебачанні Андрусь Такіндаг.

Імпрэза атрымалася насычанай і змястоўнай: Аляксей Шэін распавядаў дзецям таямніцы пісьменніцкага майстэрства, а дзеці, сярод якіх аказалася шмат будучых пісьменнікаў, задавалі пытанні – аказалася, шмат каго з нашых гімназістаў цікавіць мастацкая “кухня”. Андрусь Такіндаг заспяваў беларускія песні – і не проста заспяваў, а прапанаваў з кожнай песні рабіць флэшмоб, на што слухачы адказалі шчаслівым “та-а-а-ак!”  Пасля была віктарына на веданне беларускай літаратуры, пераможцы якой атрымалі ад пісьменніка каштоўныя прызы і падарункі, аўтограф-сессія, падчас якой вучні сам насам пагутарылі з гасцямі, а таксама, канешне ж, шматлікія сэлфі з Алякеем і Андрусём.

Напрыканцы вечарыны адзін з усхваляваных вучняў падбег да дырэктара гімназіі і с захапленнем закрычаў: “Людміла Васільеўна, а я ж таксама іграю на домбры, як і Андрусь!” – “Ух ты! – зарыентавалася Людміла Васільеўна. – Значыцца, ты і нам, усёй гімназіі, сыграеш?” – “Канешне! Сыграю! Толькі троху падвучуся!”

Гэта добра, калі пасля вясёлай сяброўскай вечарыны дзеці абяцаюць яшчэ падвучыцца. Значыць, сустрэча была недарэмнай. Дзякуй вам, шаноўныя госці, прыязджайце да нас яшчэ!

Comments are closed.

BizStudio-lite Theme by SketchThemes